Актывісты апазіцыі пакідаюць межы Беларусі

Падзеі 19 снежня і асабліва паслявыбарчыя рэпрэсіі выклікалі чарговую хвалю эміграцыі. Актывісты штабоў кандыдатаў, а таксама вядомыя людзі вымушаныя былі пакінуць межы Беларусі. Пакуль няясна, ці гэта часовая з’ява, ці на больш працяглы тэрмін.

Пакінулі межы краіны адразу некалькі актывістаў "Гавары праўду". Не першага звяна, але прыбліжаных да кіраўніцтва. Па нашай інфармацыі, у Брусэлі знаходзяцца прадпрымальніцкі лідар Віктар Гарбачоў і Алег Мяцеліца. Яны былі даверанымі асобамі кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. У брата Алега Мікалая Мяцеліцы ў Бялынічах прайшоў ператрус.

Нейкі час у бельгійскай сталіцы знаходзіўся і кіраўнік штаба "Гавары праўду" па Мінску Юры Алейнік, адзін з рухавікоў кампаніі Някляева. Але цяпер хлопец — у Вільні.

Тамсама апынуліся лідар руху "Вольная моладзь" Мікіта Красноў і кіраўнік "Руху будучыні" Вячаслаў Дзіянаў. Яны супрацоўнічалі з кандыдатам Міхалевічам.

Красноў разам з сябрамі дабіраўся ў Вільню праз Маскву, Пецярбург, Эстонію. "Усюды нас сустракалі добрыя людзі, якія нам дапамагалі: гэта і моладзевыя арганізацыі ў Расіі і Эстоніі, а таксама праваабаронцы. Цяпер мы адчуваем сапраўдную салідарнасць людзей з рэпрэсаванымі беларусамі", — кажа Мікіта Красноў.

Хлопец навучаецца ў ЕГУ. Красноў і Дзіянаў перад выбарамі заснавалі ініцыятыву "Грамадзянін"

Дарэчы, у Расію яны з’язджалі разам з даверанай асобай Уладзіміра Някляева Уладзімірам Кумцом і Паўлам Маркаўцовым.

Былы палітвязень і лідар моладзі Андрэй Кім таксама вымушаны на нейкі час "залегчы" ў Расіі. Кім адбыў 10-суткавае пакаранне за ўдзел у Плошчы. Аднак пасля вызвалення ён не пайшоў дадому. Зрабіў абачліва, бо там яго ўжо чакалі з ператрусам.

Кім адключыў мабільны тэлефон і паціху з’ехаў у Расію. У інтэрв’ю для "Грані-ТВ" ён заявіў: "Я, натуральна, вярнуся ў Беларусь. Але цяпер трэба агледзецца".

У Кіеў выехаў лідар "Правага альянсу" Юрый Карэтнікаў. Менавіта хлопцы з гэтай арганізацыі былі ў ахове Уладзіміра Някляева.

У надрукаваным у "СБ" "кампрамаце" на апазіцыю сярод іншага згадваецца і Карэтнікаў. Найперш, што ён здзяйсняў паездкі ў рэгіёны з мэтай прыцягнення людзей на Плошчу. А потым пісалася, што Карэтнікаў арганізоўваў "баявыя атрады".

У Варшаву прыехалі давераныя асобы Андрэя Саннікава — Зміцер Бародка і Андрэй Бабіцкі. Яны выехалі адразу пасля падзей на Плошчы. У хаце ў Бародкі і ягонай цешчы правялі ператрусы.

Мэрыя Варшавы, тым часам, выдзеліла для працы сайта "Хартыя-97" сядзібу. Не выключана, што менавіта Бародка і Бабіцкі будуць там працаваць.

Былы ахоўнік Андрэя Саннікава Леанід Навіцкі таксама за мяжой. Хлопец сядзеў на Акрэсціна, а па выхадзе хуценька сабраў манаткі і з’ехаў з Беларусі. Першы час Навіцкі быў таксама ў Варшаве.

Аднак на фотках з апошняга дня салідарнасці 16 студзеня ён трымаў плакат "Вярніце бацькоў дзецям" падчас пікетавання ў галандскай Гаазе.

Адцягваюць сваё вяртанне на радзіму і кіраўнікі "Свабоднага тэатра" Мікалай Халезін і Наталля Каляда. У іх запланаваныя працяглыя гастролі ў ЗША, Азіі і праца ў Брытаніі.

У Беларусі ж тым часам на Навіцкага была заведзеная крымінальная справа за ўдзел у "масавых беспарадках".

Палітычнага прытулку ва Украіне папрасіў давераная асоба Міколы Статкевіча Віктар Канцавенка. Бліжэйшымі днямі стане ясна, ці задаволяць ягонае прашэнне. Цяпер Канцавенка трымае галадоўку ў знак салідарнасці з арыштаваным Статкевічам.

Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", застаецца за межамі Беларусі і шэраг вядомых журналістаў і сацыёлагаў.

Такім чынам, бачна, што апазіцыі нанесены ўдар не толькі праз арыштаваных, але і праз тых, хто пакінуў краіну. Адным сапраўды пагражала крымінальная справа, іншыя перастрахаваліся.

За гэтым пералікам імёнаў хаваюцца чалавечыя трагедыі. З’ехаць у чужую краіну ад сваякоў і родных — гэта нялёгкае рашэнне. Але яны палічылі, што так будзе лепш. Зрэшты, хутчэй за ўсё, што частка з гэтых людзей усё адно вернецца назад у Беларусь.